Районная конференция биолого-экологических работ учащихся "Молодежь и экологические проблемы современности" 02.12.2016
У чарговы раз у раёне адбылася значная навуковая падзея – канферэнцыя навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”. На гэты раз юных даследчыкаў да сябе запрасіў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
2 снежня 80 навучэнцаў 12-18-гадовага ўзросту прадставілі свае даследчыя працы, абгрунтавалі вынікі, зрабілі аналіз і вывады. Усе прадстаўленыя даследаванні былі размеркаваны па чатырох намінацыях. І ў кожнай вызначаліся дыпламанты. Каб была зразумела глыбіня і важнасць праведзенай навучэнцамі працы, лічым неабходным назваць і тэмы работ, якія сталі пераможцамі канферэнцыі.
У намінацыі “Вада і водныя экасістэмы” перамогу атрымалі дзве навуковыя працы. Адну прадстаўляў Павел Шляга з гімназіі (настаўнік Аляксандр Дарошка) – “Вызначэнне колернасці вады ў вадаёмах Петрыкаўскага раёна”. Аўтарам другой – “Відавы склад ахоўваемых вышэйшых раслін ракі Ляска” – была Настасся Баран з Ляскавіцкай школы пад кіраўніцтвам настаўніцы Людмілы Рубіс.
Пераможцамі намінацыі “Наземныя экасістэмы. Урбанізаваныя тэрыторыі” сталі Настасся Ярмоліч з Брынёўскага сада-школы (настаўнік Марына Голік), Настасся і Яўген Загорцы з Навасёлкаўскай школы (настаўнік Максім Васільеў). Іх працы мелі назвы: “Даследаванне чысціні паветра ў ваколіцах дрэваапрацоўчага комплекса “Ляскавічы” метадам ліхенаіндыкацыі” і “Уздзеянне стомленай і постсідэратнай глебы на дыструкцыю біягніення пластыка”.
У намінацыі “Экалогія жывел. Палявы і лабараторны эксперымент” пераможцам стала работа Яны Несцярчук з гімназіі (настаўнік Людміла Хільман) “Улік колькасці і вызначэнне асаблівасцяў гнездавання берагавой ластаўкі ў аграгарадку Ляскавічы”.
Апошняя намінацыя – “Экалогія раслін. Палявы і лабараторны эксперымент” – дыпламантамі І ступені вызначыла Валерыю Шастакову і Алену Паграноўскую з Капаткевіцкай школы, якія разам з настаўніцай Валянцінай Росавай правялі даследаванне па тэме “Інвазіўныя віды раслін – турысты ці акупанты”.
Дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў таксама атрымалі Яна Кунічык (Залескі сад-школа), Раман Фіндзюкевіч (Смятаніцкая школа), Вікторыя Берднік (СШ № 2), Ганна Марцынкевіч (Колкаўская школа), Дар’я Плясун (Пціцкая школа) і Дзіяна Бедрый (Курыціцкая школа).
Для ўдзельнікаў канферэнцыі быў прадэманстраваны відэафільм пра Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Далей юныя даследчыкі сталі ўдзельнікамі экскурсій у Музей прыроды і Сафары-парк.
Літаральна праз некалькі дзён, у мінулую сераду, пераможцы спаборніцтва навукоўцаў абаранялі свае навуковыя працы на абласной канферэнцыі. І мелі вялікі поспех. Павел Шляга з гімназіі разам з “калегам” па навуковым доследзе Уладзімірам Булавой заваявалі Дыплом І ступені. Такую ж высокую адзнаку атрымалі Настасся і Яўген Загорцы з Навасёлкаўскай школы. Настасся Ярмоліч з Брынёўскага сада-школы стала дыпламантам ІІ ступені. Дапоўніла спіс дыпламантаў таксама Настасся Баран з Ляскавіцкай школы – Дыплом ІІІ ступені. У хуткім часе дыпламантаў І ступені чакае выпрабаванне на рэспубліканскай канферэнцыі навуковых біёлага-экалагічных работ. Зычым ім поспеху!